9-10 красавіка 2019 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца Міжнародная канферэнцыя  «Музеі XXI ст. Новыя сэнсы, новая прастора, новыя вобразы», арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у партнёрстве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, Фондам “Культурная спадчына і сучаснасць”, Беларускім камітэтам Міжнароднага Савета Музеяў “ІСОМ”, Рэспубліканскім Саветам дырэктароў музеяў.

Канферэнцыя накіравана на вырашэнне практычных пытанняў удасканалення, развіцця і эфектыўнага ажыццяўлення кіравання музеямі і музейнымі калекцыямі ва ўмовах хуткіх сацыяльных трансфармацый і пераўтварэнняў, а таксама мае на мэце --- пошукі  новых тыпаў камунікацыі і дыялогу, якія музеі павінны генерыраваць ў XXI ст.

У канферэнцыі прымаюць удзел музейныя спецыялісты, а таксама даследчыкі ў галіне музеялогіі і культурнай спадчыны з Беларусі, Германіі, Расіі, Латвіі, Літвы, Грузіі, Польшчы, Азербайджана, ЗША і Кітая. Сярод ключавых дакладчыкаў – Ганс Марцін Хінс, экс-Прэзідэнт Міжнароднага Савета Музеяў (2010-2016 гг.), Міхаіл Гнядоўскі, вядучы расійскі музеолаг, і Сяргей Ушакін, знакіміты культуролаг, філосаф, выкладчык Прыстанскага універсітэта (ЗША).

Асноўныя тэмы канферэнцыі:

  • Дзейнасць музеяў у кантэксце глабальных праблем сучаснасці.
  • Узаемадзеянне музеяў з мясцовымі супольнасцямі.
  • Удасканаленне стандартаў прафесійнай музейнай дзейнасці.
  • Музейная адукацыя і камунікацыя, інклюзіўныя музейныя праекты.
  • Супрацоўніцтва, партнёрства, адвакацыя ў сучаснай музейнай прасторы.

За апошнія дзесяцігоддзі музеі зведалі велізарныя змены, але многае з таго, што мы думаем пра іх, нашы ўяўленні аб музеях як цэнтрах спадчыны і камунікацыі, практычна не змяніліся. Тым не менш, музейную супольнасць сёння не могуць не хваляваць выклікі і праблемы, з якімі яна сутыкнулася ў XXI ст. Якія з музеяў могуць і застануцца запатрабаванымі грамадствам? Якія ключавыя фактары і перспектывы ўплываюць на тое, як павінны і могуць дзейнічаць музеі ў сучасных умовах? Як на музеі ўплывае змяненне дэмаграфічнага клімату, эвалюцыя звязаных з імі супольнасцяў? Якое патэнцыйнае ўздзеянне на музеі аказвае глабальны рынак мастацтва? Нарэшце, як музеі сёння павінны рэагаваць на сацыяльныя і палітычныя перамены, на змяненне патрэбаў музейнай аўдыторыі?

На ўсе гэтыя выклікі і праблемы паспрабуем знайсці адказ на маючай адбыцца міжнароднай сустрэчы прафесіяналаў.

Задача дадзенай канферэнцыі ў тым, каб стварыць перспектыўную платформу для пастаяннага супрацоўніцтва ўнутры музейнай экспертнай супольнасці Беларусі, а таксама ў больш шырокім еўрапейскім і міжнародным кантэксце.

Праграма канферэнцыі.